ДУА “Блужская базавая школа імя М. Чэпіка”
Информация на сайт - Библиотека

Год культуры 2016

      

       20 красавіка 2016 года на базе ДУА “Блужская базавая школа імя М. Чэпіка”  Пухавіцкага раёна адбылася раённая чытацкая канферэнцыя “Тэма Вялікай Айчыннай вайны ў творчасці  Івана Шамякіна”, прысвечаная  95-годдзю з дня нараджэння  пісьменніка. Пачалася яна з прагляду відэафільма  “Жыццё і творчасць Івана Шамякіна” (аўтарская работа  загадчыка  інтэграванай бібліятэкі ДУА “Блужская базавая школа імя М. Чэпіка”  Юліі Хачатуравай).   

 

Безымнный

 

 

      Цікавыя  ўспаміны аб пісьменніку (з кнігі Т. Шамякінай “Шамякін вядомы і невядомы”) падрыхтавала   Цынская А.А., загадчык бібліятэкі ДУА “Мар’інагорская гімназія”.

      Народны пісьменнік Беларусі Іван Шамякін належыць да пакалення пісьменнікаў, маладосць якіх была апалена і загартавана вайной. Магчыма, па гэтай прычыне большасць яго твораў так ці інакш звязана з падзеямі Вялікай Айчыннай вайны. Літаратурную панараму  твораў І. Шамякіна ваеннай тэматыкі  прадставіла слухачам З. І. Калнібалоцкая, загадчык бібліятэкі ДУА “Сярэдняя школа № 4 г. Мар’іна Горка”.  Больш падрабязна  ўдзельнікі канферэнцыі абмеркавалі творы, якіх аб’ядноўвае аднолькавая тэма – “жанчыны і вайна” (“Шлюбная ноч”, “Гандлярка і паэт”). Ваенны матэрыял,жорсткія абставіны ваеннага часу паспрыялі вострай         пастаноўцы аўтарам пытання аб чалавечых якасцях і магчымасцях.  Роздум пісьменніка над прызваннем чалавека, яго месцам у жыцці, лёсам яго духоўных каштоўнасцей – такіх, як дабро і зло, пачуццё абавязку, патрыятызм, сумленне, пачуццё годнасці  вельмі актуальны сёння.

      Таксама былі   прагледжаны і абмеркаваны  значныя  эпізоды  з экранізаваных твораў  І. Шамякіна “Гандлярка і паэт”, “Глыбокая плынь”, “Вазьму твой боль”. Гучала музыка з кінафільмаў,  ўрыўкі з твораў Івана Шамякіна ў выкананні  Тужыкавай Т.А., загадчыка інтэграванай бібліятэкі  ДУА “Турынскі НПК дзіцячы сад-базавая школа”. У бібліятэцы была прэзентавана кніжная выстава  і  электронныя буклеты, падрыхтаваныя да юбілея пісьменніка. Лейтматывам  канферэнцыі сталі радкі з верша В. Лукшы, прысвечаныя І.Шамякіну:

                                “Не, класікі не паміраюць -

                                Такі іх бессмяротны род.

                                Што напісаць

                                Не паспяваюць,

                                За іх дапісвае народ».